Цэтлікі для бізнэсаў

Мы выкарыстоўваем такія цэтлікі (значкі, іконкі, бэджыкі), каб паказаць узровень валодання беларускай мовай прадстаўленых у каталозе бізнэсаў:


Тут абслугоўваюць па-беларуску, беларуская мова не праблема на ўсіх этапах стасункаў кліент-бізнэс. Напрыклад, інтэрнэт-крама атрымае такі значак, калі сайт мае беларускую версію, а аператар і кур'ер упэўнена размаўляюць па-беларуску. А рэальнай краме дастаткова мець беларускамоўнага гандляра ці гандлярку. Калі гэта кампанія, дзе працуе шмат людзей, беларускай мовай павінны валодаць усе, хто дачыняецца з кліентамі. На жаль, апрача тэлефанавання, мы не заўсёды можам праверыць кожны бізнэс, асабліва ў рэгіёнах... таму першапачаткова верым бізнэсу ува ўсталяванні такога значка. А далей спадзяемся на водгукі карыстальнікаў, каб высветліць, хто ёсць хто. Пакідайце водгукі кл!


Часткова па-беларуску. Прымяняецца там, дзе кліент можа атрымаць абслугоўванне на беларускай мове, а можа і не атрымаць. То бок, магчыма, трэба выклікаць пэўнага супрацоўніка. Ці магчыма, сэрвіс не цалкам беларускамоўны - ужывую размаўляць беларускай могуць, а беларускай версіі сайту (пакуль) не маюць. Ці палова супрацоўнікаў беларускую ведае, а палова - не.

Увазе шаноўных бізнэс-уласнікаў: калі ваш бізнэс мае ўласны сайт, тады мы ня зможам вам выдаць шыльдзік "Абслугоўванне па-беларуску" ці "Свае" да таго часу, пакуль ваш сайт ня будзе мець паўнацэннай беларускамоўнай версіі. Асабліва калі наяўнасьць сайту крытычная для функцыянаваньня вашага бізнэсу. Напрыклад, калі вы - цырульня, наяўнасьць сайту і сацсетак не крытычная, бо можна патэлефанаваць і замовіць час праз тэлефон, і так звычайна ўсе і робяць. Але калі вы - сэрвіс адсочвання пасылак праз інтэрнэт, тады зразумела, што бяз сайту вы бізнэс рабіць ня можаце, і адпаведна, калі сайт ня мае цалкам працоўнай беларускай версіі, вы атрымаеце толькі "часткова па-беларуску". Мяжа між "абслугоўванне па-беларуску" і "часткова па-беларуску" досыць размытая, таму часам мы ставім больш высокую адзнаку авансам, калі не хапае нейкай драбязы... але мы заўсёды прыкладаем усе намаганні, каб патлумачыць, у якім выглядзе маецца беларуская мова ў тым ці іншым месцы. У любым разе, водгукі на канкрэтны бізнэс, калі яны ёсьць, лепей за нашыя шыльдзікі! Таму, спадарства, пішыце водгукі!


Бізнэс прыязна ставіцца да беларускамоўных кліентаў і беларускай мовы і шчыра хацеў бы мець такіх кліентаў болей. Так нас заверылі па-тэлефоне, і тое гучала пераканаўча. Ці мы былі на аб'екце і ўпэўніліся ў такім стаўленні самі.


Бізнэс мае сайт на беларускай мове. Магчыма, за выняткам асобных старонак - напрыклад, некаторыя плацёжныя сістэмы ў Беларусі дагэтуль не маюць беларускамоўнага інтэрфэйсу, таму калі вы аплочваеце нешта банкаўскай карткай, можа перакінуць на іншамоўны інтэрфэйс.

і
Значыць дакладна тое, што напісана. Калі вам трэба вырашыць нейкія пытанні з кіраўніцтвам па-за межамі адносінаў "кліент-бізнэс", тое заўсёды можна зрабіць на роднай мове.


Азначае "абслугоўванне па-беларуску" + "беларускамоўны ўласьнік/-ца" + "прыязнае стаўленне да беларускай мовы". Выдаецца адміністрацыяй суб'ектыўна. З беларускай мовай у такога бізнэсу дакладна ўсё добра, сюрпрызаў быць не павінна. Эквівалентны "абслугоўванню па-беларуску". Звычайна вешаецца там, дзе адміністрацыя была сама, каго ведаем пэрсанальна.


Гэты бізнэс ахвяруе на праекты ў сферы культуры, аховы і папулярызацыі гістарычнай спадчыны, розныя нацыянальна-арыентаваныя праекты, то бок робіць для грамадства болей, чым звычайны бізнэс.

***

Усе гэтыя цэтлікі мы навешваем выключна для зручнасці карыстальнікаў. Калі які-н. шаноўны бізнэс лічыць, што яго класіфікавалі няправільна, кантакт-форма знаходзіцца ў крокавай даступнасці, пішыце!