Стыкерпак + магніцік


Анлайн-канцэрт у падтрымку акцыі - 11 чэрвеня 20:00

Беларускім месцам - квіткі па-беларуску!

Дашліце зварот і атрымайце ў падарунак стыкерпак і магніцік!

Не выходзячы з хаты, вы можаце зрабіць так, каб у вашых любімых месцах (кінатэатры, клубы, стадыёны, выставачныя і канцэртныя залі, музеі, тэатры і інш.) і ў грамадскім транспарце вашага горада былі квіткі па-беларуску. Усяго 5 хвілін і беларускай мовы вакол нас будзе больш.

Для гэтага трэба:

1. Падумаць, у якім месцы вы б хацелі бачыць квіток па-беларуску.

2. Націснуць на адпаведны зварот, скапіяваць яго, дапоўніць (унізе) і даслаць па спасылках.

3. Скапіяваць выдзелены тэкст і паставіць яго на сваіх старонках у сацсетках:

4. Запоўніць форму, каб атрымаць падарунак (стыкерпак і магніцік): https://docs.google.com/forms/d/e/1FAIpQLScsLJ8mWszKxZh82QoIlW3vfbKpbdHZQNFaNGKFkZHKlZ4Hjg/viewform

Калі вам прыйдзе адказ на зварот, дашліце, калі ласка, фота ці скан на admin@svaje.by ці апублікуйце з хэш-тэгам #абароніммову у любой сацсетцы. Так мы і ўсе ахвотныя змогуць яго адшукаць, прааналізаваць, і выкарыстаць для ўдасканалення наступных зваротаў.

Квіткі па-беларуску ў грамадскім транспарце

Гэты зварот трэба скапіяваць, дапоўніць (унізе) і даслаць сюды: https://mintrans.gov.by/ru/obraschenia-fiz/. А таксама абраць тут: https://svaje.by/vykankamy неабходны выканкам, на тэрыторыі якога знаходзіцца перавозчык і даслаць яго і ў гэты выканкам.

Несумненна, што транспарт і шляхі зносін маюць прамы ўплыў на фармаванне патрыятычнага складу характару, любові да Беларусі і родных мясцін. Дарога гуртуе народ. А ў Беларусі гэты народ — беларусы, і мова гэтага народу — беларуская.

Варта адзначыць, што ў Мінску, сталіцы Беларусі, абласным Гомелі, некаторых іншых абласных цэнтрах і іншых населеных пунктах квіткі на ўвесь гарадскі грамадскі транспарт выконваюцца на беларускай мове.

Але разам з тым у большасці населеных пунктаў, дзе ёсць грамадскі транспарт, квіткі аплаты за праезд вырабляюцца ў рускамоўным выкананні, дзе ў той жа час беларускамоўныя беларусы з’яўляюцца спажыўцамі паслуг па перавозцы пасажыраў грамадскім транспартам. Гэта стварае перашкоды ў карыстанні беларускай мовай і з’яўляецца дыскрымінацыяй па моўнай прыкмеце, парушае прынцыпы Канстытуцыі і вынікі рэферэндума 1995 г.

На падставе адзначанага, з мэтай выканання Канстытуцыі Беларусі, спынення дыскрымінацыі па моўнай прыкмеце,

ПРАШУ:

1. Паведаміць, чаму дыскрымінуюцца па моўнай прыкмеце грамадзяне, якія карыстаюцца беларускай мовай, паколькі яны вымушаны карыстацца праязнымі дакументамі, на якіх інфармацыя прыведзеная на рускай мове, што стварае для іх перашкоды ў карыстанні беларускай мовай і што забаронена ў адпаведнасці з арт. 9.22 КаАП;

2. Абавязаць юрыдычныя асобы, што аказваюць паслугі перавозкі пасажыраў аўтамабільным (КАЛІ НЕАБХОДНА, ДАДАЦЬ: электрычным, трамвайным, паветраным, водным) грамадскім транспартам у (ПІШАЦЕ СВОЙ РАЁН АБО ГОРАД) вырабляць квіткі аплаты за праезд у беларускамоўным выкананні.

У адпаведнасці з законам «Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб» прашу даць адказ аб прынятых па звароту захадах у вызначаны законам час у папяровым і электронным выглядзе.

Квіткі па-беларуску ў грамадскіх месцах

Гэта зварот трэба скапіяваць, дапоўніць (унізе) і даслаць сюды: http://www.government.by/be/feedbackformc. А таксама абраць тут: https://svaje.by/vykankamy неабходны выканкам, на тэрыторыі якога знаходзіцца месца і даслаць яго і ў гэты выканкам. Таксама можна знайсці мэйл месца і даслаць зварот на мэйл.

Несумненна, што культура і здаровы лад жыцця маюць значны ўплыў на фармаванне патрыятычнага складу характару, любові да Беларусі і родных мясцін. Культура і спорт гуртуюць народ. А ў Беларусі гэты народ — беларусы, і мова гэтага народу — беларуская.

Традыцыйна доступ да культурна-відовішчных, культурна-спартовых і аздараўляльных устаноў і месцаў адбываецца па ўваходных квітках.

Разам з тым у большасці культурна-відовішчных (кінатэатры, музеі, музычныя і забаўляльныя клубы, канцэртныя і выставачныя залі, тэатры і інш.), культурна-спартовых (стадыёны, арэны, спартовыя клубы і інш) і аздараўляльных (басейны, лазні, аквапаркі і інш.) устаноў і месцаў уваходныя квіткі вырабляюцца ў рускамоўным выкананні, нягледзячы на тое, што беларускамоўныя беларусы з’яўляюцца спажыўцамі дадзеных паслуг. Гэта стварае перашкоды ў карыстанні беларускай мовай і з’яўляецца дыскрымінацыяй па моўнай прыкмеце.

На падставе адзначанага, з мэтай выканання Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, спынення дыскрымінацыі па моўнай прыкмеце,

ПРАШУ:

1. Паведаміць, чаму дыскрымінуюцца па моўнай прыкмеце грамадзяне, якія карыстаюцца беларускай мовай, паколькі яны вымушаны выкарыстоўваць уваходныя квіткі, на якіх інфармацыя прыведзеная на рускай мове, што стварае для іх перашкоды ў карыстанні беларускай мовай і што забаронена ў адпаведнасці з арт. 9.22 КаАП;

2. Рэкамендаваць або абавязаць (пазначаеце НАЗВУ І АДРАС культурнай, культурна-відовішчнай, культурна-спартовай і аздараўляльнай установы або месца, што аказваюць адпаведныя паслугі) вырабляць уваходныя квіткі ў беларускамоўным выкананні.

У адпаведнасці з законам «Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб» прашу даць адказ аб прынятых па звароту захадах у вызначаны законам час у папяровым і электронным выглядзе.


Таксама варта падпісаць петыцыю за беларускамоўныя #квіткі ў цягніках https://petitions.by/petitions/4043.

Гэта акцыя ініцыятывы "Умовы для мовы" пры падтрымцы каталогу "Свае". "Умовы для мовы" - сяброўская і партнёрская "Сваім" ініцыятыва. "Свае" раяць звяртацца ўва "Умовы для мовы" па пытаннях абароны беларускай мовы юрыдычнымі метадамі і падтрымліваюць ініцыятывы "Умовы для мовы" усімі даступнымі спосабамі.


Яшчэ рэцэпты абароны моўных правоў на кожны дзень...