Налепкі для бізнэсаў

9 лістапада 2017 г - Менск - прэс-рэліз

З прыемнасцю прадстаўляем шаноўнаму спадарству новую праграму "Налепкі для бізнэсаў СВАЕ".

Для сённяшніх беларускіх рэалій на спажывецкім рынку тыповыя дзве парадаксальныя сітуацыі:
(1) вонкавая (фасадная) беларускасць, дзе шыльды напісаныя па-беларуску, а ўнутры абслугоўванне адбываецца на іншых мовах, і беларускай не пачуць, у выніку чаго беларускамоўныя спажыўцы, якія спрабуюць камунікаваць з тымі бізнэсамі па-беларуску, атрымліваюць адмоўны досвед;
(2) вонкавая рэклама бізнэсу выканана на рускай, а знутры можа і ёсць беларускамоўны персанал, але беларускамоўны спажывец, калі ён бачыць шыльды на рускай мове, то і сам камунікуе на рускай, асабліва тыя, хто стаміўся ад змагання за родную мову, ці проста яшчэ ня ведае беларускую на дастатковым узроўні і пачуваецца не вельмі ўпэўнена.

Налепкі для бізнэсаў СВАЕ вырашаюць абедзьве гэтыя праблемы.

  

Павесіўшы такую невялікую налепку (7 см у дыяметры, на сантыметр меней за крэдытную картку) на дзьверы ці іншае бачнае месца свайго гандлёвага аб'екту, вы даеце спажыўцам знак, што тут з беларускай мовай няма праблем. Што тут можна і трэба размаўляць на беларускай, вас зразумеюць і вам па-беларуску адкажуць.

Налепкі не ўтрымліваюць ніякай рэкламы, а дызайн распрацаваны так, каб не адпужнуць іншамоўных (напр. рускамоўных) спажыўцоў. Каб тыя не падумалі, што тут ТОЛЬКІ па-беларуску.

Варыянты дызайну:

простая зялёная налепка са словам СВАЕ, добра чытаецца з 3-5 метраў. Зялёны колер значыць, што ўнутр можна смела заходзіць.
белая налепка, мае вялікае слова СВАЕ, якое чытаецца з 3-5 метраў, і дробны тэкст шэрым "РАЗМАЎЛЯЕМ ПА-БЕЛАРУСКУ", які можна прачытаць, толькі падыйшоўшы на метр ці каля таго.
тое, што і вышэй, але дробным шрыфтам напісана "БЕЛАРУСКІ БІЗНЭС" і пяць зорачак уверсе.
 варыянт папярэдняй, без зорачак, слова "СВАЕ" крыху змешчана ўверх.

Налепкі выкананыя на вінілавай плёнцы, устоўлівыя да метэаўмоваў і не пакідаюць слядоў, калі вам спатрэбіцца іх зняць (хоць з чаго б вам захацелася пазбавіцца ад таемнага знаку і магніту для беларускамоўных спажыўцоў?).

Налепкі даступныя для імгненнай замовы бясплатна ўсім бізнэсам, зарэгістраваным у каталозе СВАЕ.БЕЛ. Каб замовіць, проста трэба ўвайсьці на сайт і скарыстацца спасылкай "Замовіць". Усе налепкі дастаўляюцца звычайным паштовым адпраўленнем, тэрмін выканання замовы 1 дзень, тэрмін дастаўкі звычайнай поштай 2-5 дзён. Таксама магчымы самавываз з вул Алешава, 9 у Менску.

Запрашаем бізнэсы, якія яшчэ не зарэгістраваныя ў каталозе СВАЕ.БЕЛ, далучацца!

СВАЕ.БЕЛ - таму што тут свае.