Малюнак Ганны Шчуко

Карысныя вытрымкі з заканадаўства

Усе нарматыўныя прававыя акты, змешчаныя ў раздзеле, акрамя Канстытуцыі і Закона «Аб мовах», маюць аўтарскі неафіцыйны пераклад на беларускую мову з той прычыны, што яны былі прыняты толькі па-руску.


Агульныя нормы

Канстытуцыя Беларусі

Артыкул 17. Дзяржаўнымі мовамі ў Рэспубліцы Беларусь з’яўляюцца беларуская і руская мовы.

Артыкул 50. Кожны мае права карыстацца роднай мовай, выбіраць мову зносін. Дзяржава гарантуе ў адпаведнасці з законам свабоду выбару мовы выхавання і навучання.

Закон «Аб мовах»

Артыкул 3. Права грамадзян карыстацца іх нацыянальнай мовай

Грамадзяне маюць права карыстацца іх нацыянальнай мовай і выбіраць мову зносін.

Артыкул 4. Абавязак кіраўнікоў, іншых работнікаў дзяржаўных органаў і іншых арганізацый валодаць беларускай і рускай мовамі
Кіраўнікі, іншыя работнікі дзяржаўных органаў і іншых арганізацый павінны валодаць беларускай і рускай мовамі ў аб’ёме, неабходным для выканання імі сваіх службовых абавязкаў.

Артыкул 5. Гарантыі правоў грамадзян пры звароце ў дзяржаўныя органы і іншыя арганізацыі
Дзяржаўныя органы і іншыя арганізацыі павінны прымаць і разглядаць звароты, якія падаюцца грамадзянамі на беларускай або рускай мове. Адмова службовай асобы прыняць і разгледзець зварот грамадзяніна на беларускай або рускай мове са спасылкай на няведанне мовы звароту цягне за сабой адказнасць у адпаведнасці з заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь.
Адказ на зварот афармляецца на мове звароту.


Адказнасць за парушэнне моўных правоў

Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях

Артыкул 9.22. Парушэнне заканадаўства аб мовах
Публічная знявага, ганьбаванне дзяржаўных і іншых нацыянальных моў, стварэнне перашкод і абмежаванняў у карыстанні імі, прапаганда варожасці на моўнай глебе — цягнуць накладанне штрафу ў памеры ад чатырох да дзесяці базавых велічынь.


Натарыят

Закон «Аб натарыяце і натарыяльнай дзейнасці»

Артыкул 18. Натарыяльнае справаводства
2. Натарыяльнае справаводства вядзецца на адной з дзяржаўных моў Рэспублікі Беларусь.
3. Калі грамадзянін, які звярнуўся за правядзеннем натарыяльнага дзеяння, яго прадстаўнік ці прадстаўнік юрыдычнай асобы не валодаюць мовай, на якой вядзецца натарыяльнае справаводства, тэксты дакументаў, што афармляюцца, павінны быць перакладзены ім натарыусам або ўпаўнаважанай службовай асобай, калі натарыус або ўпаўнаважаная службовая асоба валодаюць адпаведнай мовай, або перакладчыкам, вядомым натарыусу або ўпаўнаважанай службовай асобе, якая ажыццяўляе натарыяльнае дзеянне.
Заведама няправільны пераклад цягне вызначаную заканадаўчымі актамі адказнасць.


Грамадзянскі, адміністратыўны і крымінальны працэс

Закон «Аб мовах»

Артыкул 14, частка 3. Следчыя і судовыя дакументы выдаюцца асобам, якія прымаюць удзел у справе, на іх патрабаванне ў перакладзе на мову, якой яны валодаюць.

Кодэкс аб судаўладкаванні і статусе суддзяў

Артыкул 13. Мова судаводства і справаводства ў судах
Судаводства і справаводства ў судах Рэспублікі Беларусь вядзецца на беларускай або рускай мове.
Асобам, што ўдзельнічаюць у справе, якія не валодаюць ці недастаткова валодаюць мовай судаводства, забяспечваецца права азнаямлення з усімі матэрыяламі справы, удзел у судовых дзеяннях праз перакладчыка, права выступаць у судзе на мове, якой яны валодаюць. У гэтых выпадках названыя асобы маюць права бясплатна карыстацца паслугамі перакладчыка ў парадку, вызначаным заканадаўствам.

Грамадзянскі працэсуальны кодэкс

Артыкул 16. Мова судаводства
Судаводства ў Рэспубліцы Беларусь вядзецца на беларускай або рускай мове.
Юрыдычна зацікаўленым у выніку справы асобам, калі яны не валодаюць (або недастаткова валодаюць) мовай судаводства, забяспечваецца права азнаёміцца з матэрыяламі справы і ўдзельнічаць у судовых дзеяннях праз перакладчыка, а таксама права выступаць у судзе на мове, якой яны звычайна карыстаюцца.
Судовыя дакументы ў вызначаным парадку ўручаюцца юрыдычна зацікаўленым у выніку справы асобам на мове судаводства.

Гаспадарчы працэсуальны кодэкс

Артыкул 20. Мова судаводства ў гаспадарчым судзе
Судаводства ў гаспадарчым судзе вядзецца на адной з дзяржаўных моў Рэспублікі Беларусь.
Асобам, якія ўдзельнічаюць у справе, якія не валодаюць дзяржаўнымі мовамі Рэспублікі Беларусь, забяспечваецца права знаёміцца з матэрыяламі справы, удзельнічаць у працэсуальных дзеяннях праз перакладчыка, а таксама выступаць у гаспадарчым судзе на іншай мове.
Судовыя дакументы (іх копіі), якія гаспадарчы суд у адпаведнасці з заканадаўствам аб судаводстве ў гаспадарчых судах абавязаны накіроўваць або ўручаць асобам, якія ўдзельнічаюць у справе, павінны быць складзеныя на мове судаводства ў гаспадарчым судзе.

Працэсуальна-выканаўчы кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях

Артыкул 2.11. Мова, на якой вядзецца адміністрацыйны працэс
1. Адміністрацыйны працэс у Рэспубліцы Беларусь вядзецца на беларускай або рускай мове.
2. Удзельніку адміністрацыйнага працэсу, які не валодае або недастаткова валодае мовай, на якой вядзецца адміністрацыйны працэс, забяспечваецца права вусна або пісьмова рабіць заявы, даваць тлумачэнні, заяўляць хадайніцтвы, падаваць скаргі, выступаць пры разглядзе справы аб адміністрацыйным правапарушэнні на роднай мове або на мове, якой ён валодае. У гэтых выпадках, а таксама пры азнаямленні са справай аб адміністрацыйным правапарушэнні ён мае права бясплатна карыстацца дапамогай перакладчыка ў парадку, вызначаным гэтым Кодэксам.
3. Пастанова суда, органа, які вядзе адміністрацыйны працэс, у вызначаным гэтым Кодэксам парадку ўручаецца асобе, у адносінах да якой вядзецца адміністрацыйны працэс, яго законнаму прадстаўніку, абаронцу, прадстаўніку ў перакладзе на іх родную мову ці на мову, якой яны валодаюць.

Крымінальна-працэсуальны кодэкс

Артыкул 21. Мова, на якой вядзецца вытворчасць па матэрыялах і крымінальнай справе
1. Вытворчасць па матэрыялах і крымінальнай справе ў Рэспубліцы Беларусь вядзецца на беларускай або рускай мове.
2. Асобам, якія не валодаюць ці недастаткова валодаюць мовай, на якой вядзецца крымінальны працэс, забяспечваецца права вусна або пісьмова рабіць заявы, даваць тлумачэнні і паказанні, заяўляць хадайніцтвы, падаваць скаргі, знаёміцца з крымінальнай справай, выступаць у судзе на роднай мове або на мове, якой яны валодаюць. У гэтых выпадках яны маюць права бясплатна карыстацца паслугамі перакладчыка ў парадку, вызначаным гэтым Кодэксам.
3. Працэсуальныя дакументы ў вызначаным гэтым Кодэксам парадку ўручаюцца падазраванаму, абвінавачанаму, а таксама іншым удзельнікам крымінальнага працэсу ў перакладзе на іх родную мову ці на мову, якой яны валодаюць.


Дзяржаўная служба

Закон «Аб дзяржаўнай службе»

Артыкул 24. Права на паступленне на дзяржаўную службу
1. Права на паступленне на дзяржаўную службу маюць грамадзяне Рэспублікі Беларусь, якія дасягнулі васямнаццацігадовага ўзросту, валодаюць дзяржаўнымі мовамі Рэспублікі Беларусь і адпавядаюць іншым патрабаванням, вызначаным гэтым Законам, іншымі заканадаўчымі актамі аб дзяржаўнай службе.

Артыкул 26. Кваліфікацыйныя патрабаванні, што прад’яўляюцца пры паступленні на дзяржаўную службу
1. кваліфікацыйным патрабаванням, што прад’яўляюцца пры паступленні на дзяржаўную службу, з’яўляюцца:
1.3. валоданне дзяржаўнымі мовамі Рэспублікі Беларусь.


Звароты і справаводства

Закон «Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб»

Артыкул 12. Патрабаванні, што прад’яўляюцца да зваротаў
1. Звароты выкладаюцца на беларускай або рускай мове.

Артыкул 18. Патрабаванні да пісьмовых адказаў на пісьмовыя звароты
1. Пісьмовыя адказы на пісьмовыя звароты выкладаюцца на мове звароту, павінны быць абгрунтаванымі і матываванымі (пры неабходнасці — са спасылкамі на нормы актаў заканадаўства), змяшчаць канкрэтныя фармулёўкі, якія аспрэчваюць ці пацвярджаюць довады заяўнікаў.

Інструкцыя па справаводстве ў дзяржаўных органах, іншых арганізацыях

Глава 1. Агульныя палажэнні
30. Пры стварэнні бланка на некалькіх мовах рэквізіты бланка павінны быць прадубляваны на гэтых мовах.
Ва ўсіх арганізацыях незалежна ад формы ўласнасці бланк для ліста вырабляецца з падоўжным размяшчэннем рэквізітаў на дзвюх мовах.
69. Мовамі справаводства і дакументацыі ў Рэспубліцы Беларусь з’яўляюцца беларуская і руская.
Тэксты дакументаў, што накіроўваюцца за межы Рэспублікі Беларусь, могуць складацца на беларускай, рускай мовах, на мове краіны адрасата або на іншай замежнай мове.


Грамадзянства

Закон «Аб грамадзянстве»

Артыкул 14. Прыём у грамадзянства Рэспублікі Беларусь
Любая асоба, якая дасягнула 18-гадовага ўзросту, мае права звярнуцца з заявай аб прыёме ў грамадзянства Рэспублікі Беларусь, калі яна:
• Ведае адну з дзяржаўных моў Рэспублікі Беларусь у межах, неабходных для зносін


Адукацыя

Кодэкс аб адукацыі

Артыкул 90. Мова навучання і выхавання. Вывучэнне моў ва ўстановах адукацыі

1. Асноўнымі мовамі навучання і выхавання ў Рэспубліцы Беларусь з’яўляюцца дзяржаўныя мовы Рэспублікі Беларусь. Дзяржава гарантуе грамадзянам права выбару навучання і выхавання на адной з дзяржаўных моў Рэспублікі Беларусь і стварае ўмовы для рэалізацыі гэтага права. Мова навучання і выхавання вызначаецца заснавальнікам установы адукацыі (арганізацыі, якая рэалізуе адукацыйныя праграмы паслядыпломнай адукацыі, іншай арганізацыі, якой у адпаведнасці з заканадаўствам прадстаўлена права ажыццяўляць адукацыйную дзейнасць), індывідуальным прадпрымальнікам, якому ў адпаведнасці з заканадаўствам прадстаўлена права ажыццяўляць адукацыйную дзейнасць, з улікам пажаданняў навучэнцаў (законных прадстаўнікоў непаўналетніх навучэнцаў).

2. Права грамадзян на выбар навучання і выхавання на адной з дзяржаўных моў Рэспублікі Беларусь забяспечваецца развіццём сеткі ўстаноў адукацыі (класаў, груп, патокаў) з беларускай і рускай мовамі навучання і выхавання, выданнем літаратуры, падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў на беларускай і рускай мовах.

3. Пры атрыманні агульнай сярэдняй адукацыі, а таксама прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі з адначасовым атрыманнем агульнай сярэдняй адукацыі вывучэнне беларускай, рускай і адной з замежных моў навучэнцамі, за выключэннем асобных катэгорый асоб з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, з’яўляецца абавязковым. Катэгорыі асоб з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця і парадак вывучэння імі моў вызначаюцца Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь. Ад вывучэння беларускай ці рускай мовы могуць быць таксама вызваленыя замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства, якія часова знаходзяцца або часова пражываюць у Рэспубліцы Беларусь. Парадак вывучэння беларускай і рускай моў замежнымі грамадзянамі і асобамі без грамадзянства, якія часова знаходзяцца або часова пражываюць у Рэспубліцы Беларусь, вызначаецца Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь.

5. Пры атрыманні прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі вывучэнне беларускай мовы навучэнцамі, за выключэннем асобных катэгорый асоб з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, вызначаных Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь, з’яўляецца абавязковым. Ад вывучэння беларускай мовы могуць быць таксама вызваленыя замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства, якія часова знаходзяцца або часова пражываюць у Рэспубліцы Беларусь.


Карысныя вытрымкі заканадаўства, што наўпрост не закранаюць моўныя правы

Закон «Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб»

Артыкул 17. Тэрміны пры разглядзе зваротаў

1. Пачатак тэрмінаў, што вызначаюцца месяцамі або днямі, пачынаецца з дня, наступнага за днём рэгістрацыі звароту ў арганізацыі, унясення заўваг і (або) прапаноў у кнігу заўваг і прапаноў арганізацыі, індывідуальнага прадпрымальніка.
Тэрміны разгляду зваротаў, накіраваных дэпутату Палаты прадстаўнікоў, члену Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, дэпутату мясцовага Савета дэпутатаў, што адсутнічаюць у сувязі з адпачынкам, часовай непрацаздольнасцю, службовай камандзіроўкай, вылічваюцца з дня, наступнага за днём заканчэння адпачынку, часовай непрацаздольнасці, службовай камандзіроўкі.

2. Тэрмін разгляду зваротаў, што вылічваюцца месяцамі, заканчваецца ў адпаведны дзень апошняга месяца гэтага тэрміну. Калі заканчэнне тэрміну, які вылічваецца месяцамі, прыпадае на месяц, у якім няма адпаведнага дня, то тэрмін разгляду зваротаў заканчваецца ў апошні дзень гэтага месяца.
Калі апошні дзень тэрміну разгляду зваротаў прыпадае на непрацоўны дзень, то днём заканчэння тэрміну лічыцца першы наступны за ім працоўны дзень.

3. Пісьмовыя звароты павінны быць разгледжаны не пазней за пятнаццаць дзён, а звароты, якія патрабуюць дадатковага вывучэння і праверкі, — не пазней за адзін месяц, калі іншы тэрмін не вызначаны заканадаўчымі актамі.
У выпадку, калі для вырашэння выкладзеных у зваротах пытанняў неабходна здзяйсненне вызначаных дзеянняў (выкананне работ, аказанне паслуг), атрыманне інфармацыі з замежнай дзяржавы ў тэрміны, якія перавышаюць месячны тэрмін, заяўнікам у тэрмін не пазней за адзін месяц з дня, наступнага за днём паступлення зваротаў, накіроўваецца пісьмовае паведамленне пра прычыны перавышэння месячнага тэрміну і тэрмінах здзяйснення такіх дзеянняў (выканання работ, аказання паслуг) або тэрмінах разгляду зваротаў па сутнасці.

Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях

Артыкул 9.13. Парушэнне заканадаўства аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб
Адмова ў прыёме звароту грамадзяніна або юрыдычнай асобы, альбо парушэнне вызначаных тэрмінаў разгляду такога звароту, альбо неінфармаванне заяўніка аб рашэнні, прынятым па выніках разгляду звароту, альбо неправамерная адмова заяўніку ў азнаямленні з матэрыяламі, што непасрэдна адносяцца да разгляду звароту, або непрыняцце ў межах сваёй кампетэнцыі мер па аднаўленні парушаных правоў, свабод і (або) законных інтарэсаў заяўніка — цягнуць накладанне штрафу ў памеры ад чатырох да дзесяці базавых велічынь


Створана на падставе дапаможніка Аліны Нагорнай і Ігара Случака "Абаронім мову" - Мінск, Медысонт, 2018, ISBN 978-985-7199-30-3. Публікуецца з ласкавай згоды аўтараў.


Рэцэпты абароны моўных правоў на кожны дзень...