Ці варта паставіць у Слуцку помнік героям Слуцкага ўзброенага супраціву?
Гэта было неабходна зрабіць яшчэ год дваццаць таму. Нават яшчэ раней. Таму што ў беларусаў наогул адсутнічае «паўстанцкая» міфалогія, яе няма амаль. Такіх герояў, як героі Слуцкага паўстання, трэба сакралізаваць і вельмі шанаваць памяць пра іх. Бо ў нас і так няшмат падобных прыкладаў.
Што ў нас ёсць? Што мы памятаем? «Чорнага ката»? Гэта спрэчная рэч, нам могуць сказаць: «вой, «Чорны кот», гэта фашысты». Што ў нас ёсць яшчэ? Партыя зялёнага дуба? Так. Але зараз мала хто ведае, што гэта такое было. Я проста вось днямі зрабіў такі прыкол: на сваёй старонцы напісаў «чорны кот на зялёным дубе» і паглядзеў на рэакцыю. Няшмат хто зразумеў гэтае комба.
У нас ёсць героі Слуцкага ўзброенага супраціву, героі ВКЛ, Астрожскі і шмат іншых выбітных імёнаў, і ўсе гэтыя імёны трэба шанаваць, усім героям павінны стаяць помнікі. У нас жа на вуліцах жах нейкі адбываецца, вуліцы партыйных камітэтчыкаў, што беларусаў расстрэльвалі, помнікі нкуснікам. Каб ужо захаваць раўнавагу, улады маглі б быць шчырымі самі з сабой і зрабіць, каб на адным баку вуліца Леніна была, а на другім вуліца Гітлера.
Чаму нам трэба памятаць нашу гісторыю? Нам гэта патрэбна як паветра. І нават тут няма чаго думаць: трэба над гэтым працаваць, чым больш, тым лепш. Ведаеш, я вельмі зайздрошчу ў гэтым плане нашым суседзям – латышам і літувісам, – бо для іх гістарычная памяць заўжды была важнай, яны заўжды сваіх герояў шанавалі. І гэта там у крыві неяк, з дзяцінства. І нам на гэта трэба арыентавацца.
Па сутнасці, зараз у большасці беларусаў наогул герояў няма, мы нейкія такія ніякія.
Як ты думаеш, чаму такое стаўленне? Чаму пра гэтыя падзеі не вывучаюць у школах, чаму ў Беларусі вельмі складана ўшанаваць памяць сваіх герояў, людзі збіраюць самі сродкі праз краўдфандынг, самі выбіваюць месцы, самі ставяць помнікі, напрыклад, як помнік Касцюшку? Што трэба зрабіць, каб дзяржава зразумела, што ўшанаванне памяці сваіх герояў ім патрэбна?
Нам трэба змяніць дзяржаву. Той дзяржаве, якая зараз, гэта не цікава. Бо гэта не «піліцца», разумееш. Вось на гэта бюджэт не дадуць. На залатую карову дадуць бюджэт, а на помнік случакам не дадуць.
А чаму? Таму, што ў нас не наша дзяржава, не наша ўлада. Ужо 25 год гэта рэальнасць, у якой мы жывём. У нас акупацыйная адміністрацыя, якой наогул не трэба нейкая нацыянальная свядомасць. Ёй трэба прывезці Алеграву і спіліць бабла на гэтым. І што з таго, што потым быдлоцце п’янае ходзіць, якое гэтую Алеграву наслухаецца, і морды адзін аднаму б’е! Таму што там ну ніякага ўзроўню культуры няма. Але ім што з гэтага? Ім па барабане, яны бюджэт папілілі, адсправаздачыліся, і ўсё акей.
Існуе фантомная такая дзяржава. Пакуль не зменім дзяржаву, нічога не будзе добрага. Тут няма ніякіх варыянтаў, трэба ламаць, біцца, наперад ісці. Гэтая дзяржава ўжо сама валіцца, трэба яе мяняць. І калі будуць з’яўляцца помнікі нашым героям, Алегравай тут будзе рабіць няма чаго. Тут свае героі, свая музыка і ўсё сваё. І гэта будзе натхняць на жыццё тут. Пакуль што ў Беларусі жыць няма асаблівага стымулу, няма асаблівага жадання.
Мы нядаўна з сябрамі размаўлялі і прыйшлі да высновы, што ў Беларусі няма ідэалогіі, няма нацыянальнай ідэі і, як вынік, праблемы і комплексы. Напрыклад, нашыя музыкі атрымліваюць прызнанне ў Беларусі толькі пасля таго, як становяцца прызнаныя за мяжой. Тое ж з нашымі навукоўцамі, спартоўцамі, літаратарамі. Як ты лічыш, напрыклад, калі б пра Слуцкі збройны чын пачалі шмат размаўляць за мяжой, ці паўплывала б гэта на меркаванне нашай дзяржавы, ці пачала б яна нейкія мерапрыемствы па ўшанаванні памяці?
Ой, стопудова! Калі б хто-небудзь: немцы, вугры, амерыканцы – знялі б хоць кароткаметражку пра Слуцкі ўзброены супраціў, калі б «На Чорных лядах» рэмэйк знялі б, на наступны дзень «Беларусьфільм» бы верашчаў, што мы здымем свой варыянт і лепшы, бо гэта ж наша гісторыя. Качанавы бегалі б, аж у дупе б гарэла! А пакуль там нехта не аўкне, яны і не пачнуць рухацца. Гэта заўжды такое. Другасная ў іх сістэма думак.
А як ты лічыш, што трэба рабіць зараз, каб людзі не забываліся на гэтыя падзеі?
Адзінае, што можна рабіць, – гэта такі партызанскі культурны рух. Як зараз і робіцца. Мы павінны захапіць сацсеткі, ютуб, як камуністы захоплівалі тэлеграф, пошту і іншае. Трэба рабіць відосы пра гэтую падзею. Зараз адзінкі глядзяць тэлебачанне. І калі мы хочам каб моладзь пра гэта ведала, трэба выходзіць на пляцоўкі, дзе моладзь тусуецца.
Ведаеш, зараз, што я бачу пазітыўнага наогул: што беларушчына становіцца не тое што моднай, а гэта як стыль. Калі ты беларус і ведаеш гісторыю – гэта стылёва. Гэта як субкультура. І гэта добра. Вось на гэта трэба рабіць упор, і тады гэтая зараза, у добрым сэнсе, проста распаўзецца. І патэнцыял гэтага большы, чым у «Дажынак».
Больш навукі, больш культуры! Нашай уладзе навука і культура – гэта чужое. Ім цэрквы давай, каб папы там танчылі, і добра.
Разумееш, тут ты ўсё жыццё жыў і думаў, што мая краіна з’явілася ў сярэдзіне мінулага стагоддзя, як максімум. А тут даведваешся, што не ўчора і не пазаўчора, што шмат стагоддзяў таму. Але, канешне, не трэба гнаць, што мы ў Неаліце выкопвалі Чорнае мора, трэба пазбегнуць такога.
Уяві, калі ў цябе нічога не было, а зараз высвятляецца, што ў цябе ёсць такі бэкграўнд, што ах!
Ну і сім пабедзім, як кажуць, гэтым і пераможам. Жыве Беларусь!