Малюнак Ганны Шчуко

Як напісаць і адаслаць пісьмовы зварот

Па стане на 2020 год беларуская дзяржава гарантуе адказ на беларускай мове на зварот на беларускай мове толькі калі зварот зроблены ў пісьмовай форме: надрукаваны на паперы, ці адасланы як электронны зварот праз сайт дзяржаўнай установы. Толькі дзяржаўныя ўстановы абавязаны адказваць на электронныя звароты, для недзяржаўных адзіны надзейны варыянт атрымаць адказ - даслаць папяровы зварот замоўным лістом (звычайным ці са зваротным уведамленнем) праз Белпошту.

Каб звярнуцца да нейкай установы пісьмова з папяровым зваротам, вам спатрэбяцца:
- чысты аркуш паперы і кампутар з прынтарам (альбо асадка, калі вы аддаеце перавагу рукапіснаму тэксту)
- час на складанне звароту
- час на паход у бліжэйшае аддзяленне Белпошты і адпраўку замоўнага ліста (ці замоўнага ліста са зваротным паведамленнем), выдаткі на адпраўку у межах 1-2 руб.

Калі ж вы захочаце звярнуцца да дзяржаўнай установы праз форму электроннага звароту, тады вам спатрэбіцца толькі час на напісанне звароту, адшуканне адпаведнай формы на сайце дзяржустановы і запаўненне формы. Калі ваш адрасат - выканаўчая ўлада, мы ўжо сабралі для вас спасылкі на формы электронных зваротаў для ўсіх выканкамаў Беларусі. Раім пры наяўнасці выбару аддаваць перавагу электронным зваротам - гэта эканоміць не толькі ваш час і грошы, але і агульнабеларускі лес.

Пасля адсылкі і моманту, калі адрасат атрымае зварот, тыпова праз 15-30 дзён, вы атрымаеце адказ, які абавязкова павінны быць на беларускай мове. Калі адсылалі звычайнай поштай - атрымаеце ліст у паштовую скрыню. Калі адсылалі як электронны зварот - атрымаеце адказ на e-mail. Ніжэй пералічана тое, што павінна быць у звароце абавязкова, і што рабіць, калі адказу няма, ці ён зроблены па-руску, ці напісаны з памылкамі. Калі адказ не па сутнасці звароту,

Што абавязкова павінна быць у звароце

1. Назва і адрас месца, куды падаецца зварот.

2. Імя, імя па бацьку, прозвішча і адрас таго, хто падае зварот

3. Лаканічны тэкст і максімальна зразумелая прапанова ці пытанне

4. Подпіс

Як правільна адаслаць зварот
Часам зварот можа «згубіцца» - асабліва калі вам не хочуць даваць на яго адказ. Калі ёсць падставы меркаваць, што гэта адбудзецца, скарыстайцеся адным з наступных варыянтаў дастаўкі зварота адрасату:

1. Дашліце зварот замоўным лістом — на пошце вам выдадуць квіток з нумарам замоўнага ліста. На сайце Белпошты можна адсачыць па гэтым нумары, калі атрыманы ваш зварот. Захавайце гэты квіток як доказ у выпадку спрэчнай сітуацыі.

2. Даслаць зварот замоўным лістом са зваротным паведамленнем. У гэтым варыянце вам на паштовую скрыню прыйдзе паведамленне аб тым, што ваш зварот атрыманы. Захавайце яго, пакуль не атрымаеце адказ.

3. Прыйсці ва ўстанову, у якую звяртаецеся, і зарэгістраваць там ваш зварот у журнале ўваходных дакументаў, абавязкова атрымаць нумар, пад якім зарэгістраваны ваш зварот у гэтай установе.

Як хутка прыйдзе адказ
Адказ павінен быць праз 15 дзён з моманту атрымання вашага звароту (калі замоўны ліст, можна адсачыць на сайце Белпошты; калі замоўны з адваротным паведамленнем, то прыйдзе смс і папяровае (можна абраць на пошце) паведамленне аб тым, калі атрыманы ваш ліст. Таксама адказ можа быць праз 30 дзён у выпадку, калі вашае пытанне/патрабаванне/прапанова патрабуе болей часу (чым 15 дзён) для абмеркавання/вырашэння вашага пытання. Мы раім сыходзіць з таго, што адказ прыйдзецца чакаць 30 дзён, бо любое пытанне можа падацца складаным.
Адказ не прыйшоў ці дадзены не ў тэрмін

Дашліце заяву аб прыцягненні да адміністрацыйнай адказнасці за адсутнасць адказу на пісьмовы зварот, ці за зварот, дадзены не ў тэрмін. Выкарыстайце прыклад ніжэй і змяніце адпаведна вашай сітуацыі.

Гомельскі абласны выканаўчы камітэт
246050, г. Гомель, пр-т Леніна, 2
Ігар Уладзіміравіч Случак
Адрас

13.05.2016 года мною быў накіраваны замоўным лістом RR487043087BY зварот у Кармянскі раённы выканаўчы камітэт з запытам інфармацыі аб тым, колькі зваротаў у дадзеныя выканкамы паступілі па-руску і па-беларуску ў 2014 годзе. У парушэнне закона «Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб» адказ на зварот я да гэтага часу не атрымаў.На падставе сказанага, прашу паспрыяць у атрыманні мной пазначанай інфармацыі і прыцягнуць асоб, адказных за вядзенне справаводства па зваротах грамадзян да вы-значанай адказнасці

ПОДПІС

Адказ прыйшоў, але на рускай мове

Дашліце заяву аб прыцягненні да адміністрацыйнай адказнасці за рускамоўны адказ на беларускамоўны зварот. Слаць трэба ў выканкам па месцы рэгістрацыі той ўстановы, адкуль вам прыйшоў рускамоўны адказ. Выкарыстайце прыклад ніжэй і змяніце адпаведна вашай сітуацыі.

Мінскі абласны выканаўчы камітэт
вул. Энгельса, 4, 220030 г. Мінск
Случак Ігар Уладзіміравіч
Адрас

У адпаведнасці з артыкулам 18 закона “Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб” адказ на пісьмовы зварот даецца на мове звароту, чым забяспечваецца права заяўніка на карыстанне дзяржаўнай мовай.

Разам з тым, на мой беларускамоўны зварот у Смалявіцкі раённы выканаўчы камітэт быў дасланы рускамоўны адказ № 02-29/Н-3 эл ад 28.01.2020, што стварае мне перашкоды ў карыстанні беларускай мовай. У адпаведнасці з артыкулам 9.22 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях прашу прыцягнуць адказных за стварэнне адказу асоб да адміністрацыйнай адказнасці.

ПОДПІС

Калі па-руску адказвае сам выканкам, а не нейкая камерцыйная ці дзяржаўная арганізацыя, звяртайцеся ў вышэйстаячы выканкам - напрыклад, у абласны, калі адказаў па-руску раённы.

Адказ прыйшоў, але бланк установы выкананы толькі на рускай мове

Дашліце заяву аб прыцягненні да адказнасці за рэквізіты бланка толькі па-руску. Выкарыстайце прыклад ніжэй і змяніце адпаведна вашай сітуацыі.

Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт
Праспект Незалежнасці, 8, 220030 г. Мінск
Ігар Уладзіміравіч Случак
Адрас

Пастанова Міністэрства юстыцыі No 4 ад 19 студзеня 2009 г. «Аб зацвярджэнні ін-струкцыі па справаводстве ў дзяржаўных органах і арганізацыях Рэспублікі Беларусь» (далей — Інструкцыя па справаводстве) з’яўляецца асноўным дакументам, што рэгулюе афіцыйнае справаводства.

Пункт 30 Інструкцыі па справаводстве абавязвае вырабляць бланкі з рэквізітамі на абедзвюх дзяржаўных мовах. Гэта правіла распаўсюджваецца на арганізацыі і ўстановы любой формы ўласнасці.

Разам з тым рэквізіты бланка Сумеснага таварыства з абмежаванай адказнасцю «Юнайтэд Компані» выкананы толькі па-руску.

На падставе выкладзенага, прашу прыцягнуць СТАА «Юнайтэд Компані» да адказнасці і прывесці бланк у адпаведнасці з заканадаўствам.

ПОДПІС

Адказ прыйшоў, але па-беларуску пішуць з памылкамі

Дашліце ў тую ўстанову, адкуль вам прыйшоў адказ з памылкамі, прапанову аб выпраўленні граматычных памылак у надпісах па-беларуску. Гэта матывуе ўстанову ў наступны раз пісаць адразу правільна. Тэкст, напрыклад, такі:

Назва месца, куды падаецца зварот
Адрас, куды падаецца зварот
Імя, імя па бацьку, прозвішча таго, хто падае зварот
Адрас таго, хто падае зварот

Прашу даслаць адказ ад (ДАТА, ЯК ПАЗНАЧАНА Ў АДКАЗЕ) № (НУМАР АДКАЗУ) без граматычных памылак, якія маюцца ў дадзеным адказе ў вялікай колькасці. Таксама прашу паведаміць, ці прыцягнута адказная асоба да адказнасці, за памылкі ў адказе

ПОДПІС

Адказ прыйшоў, але адказалі абы-што

Дашліце заяву аб прыцягненні да адказнасці ў выканкам па месцы рэгістрацыі той ўстановы, адкуль вам прыйшоў адказ не па сутнасці звароту. Тэкст, напрыклад, такі:

ХХХХ раённы (АБО: гарадскі) выканаўчы камітэт
(АБО: Адміністрацыя ХХХХХХХ раёна г. ХХХХХХ)
Адрас установы, куды падаецца зварот
Імя, імя па бацьку, прозвішча таго, хто падае заяву
Адрас таго, хто падае заяву

ЗАЯВА АБ ПРЫЦЯГНЕННІ ДА АДМІНІСТРАЦЫЙНАЙ АДКАЗНАСЦІ ЗА АДСУТНАСЦЬ АДКАЗУ ПА СУТНАСЦІ ЗВАРОТУ

ХХ.ХХ.20ХХ года мною быў накіраваны замоўным лістом НАПІСАЦЬ НУМАР ЗАМОЎНАГА ЛІСТА (калі зварот пададзены замоўным лістом) зварот у НАПІСАЦЬ КУДЫ І ПЕРАДАЦЬ СУТНАСЦЬ ПЕРШАПАЧАТКОВАГА ЗВАРОТУ. У парушэнне закона “Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб” І і арт. 9.22 КаАП адказ на зварот быў дадзены не па сутнасці звароту (КОРАТКА АПІСАЦЬ, ЧАМУ ВЫ ТАК ЛІЧЫЦЕ). На падставе сказанага, прашу паспрыяць у атрыманні мной адказаў на пастаўленыя у звароце пытанні і прыцягнуць асоб, адказных за вядзенне справаводства па зваротах грамадзян да адказнасці ў адпаведнасці з арт. 9.13 КаАП.

ПОДПІС

Калі ж не па сутнасці звароту адказаў сам выканкам, тады можна звяртацца ў вышэйстаячы выканкам - напрыклад, у абласны, калі адказаў не па сутнасці раённы. Таксама пратакол па арт. 9.13 КаАП могуць складаць пракуратура з Камітэтам дзяржкантролю (КДК), таму можна звяртацца з заявай і туды.

Чаму варта пісаць звароты
  1. Вы рэальна мяняеце сітуацыю. Можна чакаць, што ўсе праблемы самі вырашацца, можна скардзіцца на жыццё і казаць, што нічога не зменіцца, а можна напісаць зварот. Зваротам вы актуалізуеце пэўную праблему сярод тых, хто яе можа вырашыць;
  2. Вы ўжо аплацілі час чыноўнікаў. Калі вы пішаце дзяржаўным установам (а пакуль што большасць зваротаў накіроўваецца менавіта туды), вашы падаткі ідуць не на чарговы лімузін і Еўрапейскія гульні, а на вырашэнне важных для вас пытанняў;
  3. Вы ў любым выпадку перамагаеце! Калі вашы абгрунтаваныя ў звароце прапановы ці патрабаванні не будуць задаволены, вы атрымаеце зафіксаваныя доказы парушэння вашых правоў. А калі патрабаванні будуць задаволены - вы атрымаеце перамогу не толькі для сябе, але і для тых, хто мог бы быць у падобнай сітуацыі, калі б вы не напісалі свой зварот. У любым выпадку, сваім зваротам вы некуды прасунеце пэўную праблему і паспрыяеце яе вырашэнню - калі не адразу, то ў доўгатэрміновай перспектыве;
  4. Вы паляпшаеце валоданне беларускай мовай тых, каму пішаце. Калі пішаце дзяржаўнай установе, то гэта мінімум два чалавекі: той, хто піша адказ і той, хто яго падпісвае;
  5. Вы пазітыўна ўплываеце на штогадовую статыстыку па беларускамоўным зваротам, якую адсочвае ініцыятыва "Умовы для мовы".
Заўвага пра калектыўныя звароты

Акрамя індывідуальных, можна падаваць калектыўныя звароты. Калектыўны зварот павінен утрымліваць імя, імя па бацьку, прозвішча і адрас кожнага заяўніка, а ў выпадку, калі зварот папяровы, таксама подпіс кожнага заяўніка. Пры гэтым, калі ў звароце пазначана, каму з заяўнікаў накіраваць адказ, яму і дашлюць, а калі не - тады дашлюць першай асобе са спісу заўянікаў, якая пазначыла свой адрас. Калектыўны зварот, які змяшчае 30 і больш подпісаў, абавязвае разглядаць ваш зварот з выездам на месца адмыслова створанай камісіі, калі гэта неабходна. Напрыклад, калі на беларускамоўных надпісах ёсць памылкі.

У большасці выпадкаў эфектыўней напісаць 100 індывідуальных зваротаў, чым падаць адзін калектыўны, на якім 100 подпісаў. У гэтым выпадку кожны заяўнік атрымае адказ, а ўстанова, якая адказвае за вырашэнне пытання, дакладна зразумее, што пытанне трэба вырашаць.


Калі вы скарыстаецеся якім-н. з нашых зваротаў, ці напішаце арыгінальны зварот датычна абароны беларускай мовы, калі ласка, апублікуйце атрыманы адказ з хэш-тэгам #абароніммову у любой сацсетцы. Так мы і ўсе ахвотныя змогуць яго адшукаць, прааналізаваць, і выкарыстаць для ўдасканалення наступных зваротаў.

Абаронім беларускую мову разам!


Створана на падставе дапаможніка Аліны Нагорнай і Ігара Случака "Абаронім мову" - Мінск, Медысонт, 2018, ISBN 978-985-7199-30-3. Публікуецца з ласкавай згоды аўтараў.


Рэцэпты абароны моўных правоў на кожны дзень...